ПЕ́РШЫ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.

Адбыўся 8—10.7.1993 у Мінску. 996 дэлегатаў ад бел. арг-цый з Беларусі і бел. суполак з замежжа. Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына». Мэта: аб’яднанне беларусаў свету і арганізац. афармленне сусв. бел. супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нац. адраджэння і будаўніцтва самастойнай бел. дзяржавы. З’езд прыняў дэкларацыю аб прынцыпах дзярж. будаўніцтва Беларусі, заяву па вайсковым пытанні, рэзалюцыю аб падтрымцы дзейнасці ЗБС «Бацькаўшчына», пастанову аб Радзе прадпрымальнікаў бел. дыяспары і інш. Далей з’езд працаваў як кангрэс ЗБС «Бацькаўшчына», на якім выбраны новы кіруючы орган — Вял. рада з прадстаўнікоў бел. арг-цый Беларусі і замежжа (97 чал.), а таксама прэзідэнт ЗБС (Р.​Гарэцкі) і старшыня Рады (Г.​Сурмач). У адпаведнасці з праграмай з’езда праведзены сустрэчы яго ўдзельнікаў з грамадскасцю Беларусі, Купалле на Стаўбцоўшчыне і ў в. Баркалабава (Быхаўскі р-н), Нарачанскі форум для дзяцей і моладзі, выстаўка твораў мастацтва з Беларусі і замежжа.

Г.​І.​Сурмач.

Паштоўка, выпушчаная з нагоды правядзення Першага з’езда беларусаў свету. 1993.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)